16 лістапада 2026 г.
03.02.2026 17:08
Нарада па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага сабраў нараду па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці.
03.02.2026г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Сярод удзельнікаў нарады - Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, старшыні палат парламента Наталля Качанава і Ігар Сергяенка, якія таксама з'яўляюцца кіраўнікамі рабочай групы па кантролі за сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, Старшыня КДК Васіль Герасімаў, Генеральны пракурор Дзмітрый Гара, Старшыня Праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў. Таксама запрошаны віцэ-прэм'еры, шэраг міністраў, намеснікі старшыні Віцебскага аблвыканкама, кіраўнікі банкаў.
"Неабходны пакрокавы антыкрызісны план. Зразумелы, канкрэтны, выканальны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў кастрычніку 2025 года адбылася маштабная нарада па сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебшчыны. Ён адзначыў, што сітуацыя ў рэгіёне складваецца горш, чым у іншых рэгіёнах, але і астатнім расслабляцца не трэба. "Тое, што мы бачым у Віцебскай вобласці, характэрна для ўсіх абласцей. Я хачу, каб вы гэта пачулі і давялі да кожнага губернатара", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Віцебску на нарадзе строга акрэслілі кола праблем, якія не вырашаліся гадамі, пераходзілі "ў спадчыну" ад аднаго губернатара да другога і ў рэшце рэшт ператварыліся ў сістэмныя. Таксама дамовіліся, што да новага года кіраўніцтва рэгіёна прыме аператыўныя меры па навядзенні парадку.
У студзені бягучага года старшынёй Віцебскага аблвыканкама быў назначаны Аляксандр Рагожнік. "Сёння першая кантрольная кропка, каб ацаніць рэальную сітуацыю і зразумець, ці ёсць станоўчыя зрухі. Губернатар павінен пачынаць са слабых месцаў і прыняцця рашэнняў. Трэба прымаць рашэнні. Калі памыліцеся, паправім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў вобласці неабходна рэальна ацэньваць свае поспехі і магчымасці і працаваць на вынік: "Калі вы думаеце, што мы і далей будзем цягнуць Віцебскую вобласць, як і некаторыя прадпрыемствы Магілёўскай, Гомельскай вобласці, ды і Мінскай і іншых абласцей, - на плячах цягнуць мы іх не будзем. Хочаце жыць і працаваць - пачынайце ўпірацца".
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў новага кіраўніка рэгіёна разабрацца з кіраўніцкім апаратам у Віцебскай вобласці, каб там не было ўтрыманцаў. "Я не гавару, што вы "сякеру" павінны ўзяць і сячы. З Месяца вы не возьмеце людзей. Прымусіць там ёсць каго працаваць. Разбярыцеся, з кім вам працаваць", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за кантроль над сітуацыяй у Віцебскай вобласці адказныя ў тым ліку кіраўнікі палат парламента, вышэйшыя службовыя асобы краіны Наталля Качанава і Ігар Сергяенка. Яны ўзначальваюць адпаведную рабочую групу, а Ігар Сергяенка таксама з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці.
"Хадзіце па Віцебскай вобласці, ажыццяўляйце кантроль. Падказвайце губернатару, рэкамендуйце, але не націскайце. Я яму абяцаў: любы націск на яго дрэнны будзе для тых, хто на яго будзе націскаць. Там ёсць сёння губернатар, мы яго туды адправілі, - сказаў Прэзідэнт. - Дзмітрый Мікалаевіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. - Заўвага) яго там прадставіў. Ведаю, што там моцнымі апладысментамі праводзілі былога губернатара: "Ах, добры чалавек!"
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Аляксандр Субоцін, які да нядаўняга часу кіраваў вобласцю, сапраўды цудоўны чалавек, і Кіраўніку дзяржавы было з ім камфортна працаваць, не гаворачы ўжо пра адказных за АПК віцэ-прэм'ера і міністра.
Прэзідэнт звярнуўся да намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай: "Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек - гэта яшчэ не добры прафесіянал". Далей Кіраўнік дзяржавы агучыў некаторыя лічбы: "Каб вы ведалі, Віцебская вобласць атрымала дзяржаўнай падтрымкі ўсіх форм на 15 млрд бел. руб., пачынаючы ад прамысловасці - "Нафтан", закупка сыравіны, сельская гаспадарка і іншае, іншае. Каб пазбегнуць фінансавага калапсу рэструктурызаваны (гэта значыць, дадзена згода Прэзідэнта на тое, што вы не будзеце плаціць) 2 млрд бел. руб. - адпаведны Указ. І вы тады абяцалі за пяць гадоў па графіках пагасіць гэтыя грошы. Але пагасілі ўсяго 146 млн бел. руб.".
"Вы можаце апладзіраваць колькі хочаце. Але лічбы - жорсткая рэч. Гэта яна (Анжаліка Нікіціна. - Заўвага) перш за ўсё лічыла і ўносіла прапановы разам з Косінцам і Шарснёвым (якія раней таксама ўзначальвалі Віцебскую вобласць. - Заўвага). А потым трапіла ва Урад. А потым вярнулася назад. І я гэта падтрымаў, каб было каму адказваць. Вы, калі ласка, раскажыце новаму губернатару, як усё было. Таму перш чым радавацца, што, вось, Субоцін абараніў вобласць ад Косінца і Шарснёва… Ды гасподзь з вамі! Няма ні Косінца, ні Шарснёва там. І я памятаю, калі Субоцін пры назначэнні крылатую фразу сказаў: "Гэта мой край, мае людзі і справа майго гонару падняць гэту вобласць". І вывесці ледзь ці не ў перадавыя".
Кіраўнік дзяржавы агучыў і шэраг іншых паказчыкаў, якія сведчаць аб наяўнасці праблем у Віцебскай вобласці. Прычым ён падкрэсліў, што ўтойваць гэтыя факты не збіраецца. "Таму што калі я публічна аб гэтым не гавару, вы лічыце... Вы не лічыце - вы ведаеце, што дрэнна. Але чамусьці на месцах думаюць, што добра. Ды не добра", - растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Урад прывычна супакойвае, што "па асноўных паказчыках Віцебскай вобласці дынаміка пазітыўная". "Інвестыцыі, зарплаты, тавараабарот… А за што вы плаціце? - задаў ён рытарычнае пытанне. - Давайце будзем ацэньваць работу не па справаздачах, а па канкрэтных справах".
Прэзідэнт у прыватнасці звярнуў увагу на вынікі вытворчай праграмы, ад якой непасрэдна залежыць рост усіх паказчыкаў і ўстойлівасць эканомікі: "Па выніку года аб'ёмы вытворчасці зніжаны практычна ва ўсіх галінах прамысловасці - мінус 4%. Па асобных напрамках (нафтаперапрацоўка, машынабудаванне) - амаль на 20%".
Роўна год таму - 3 лютага 2025 года - быў спынены "Віцебскдрэў". "Вы пілаваць паваленыя дрэвы, якія валяюцца на ўзлесках, будзеце дзе? Як раней, у 1930-я гады - зверху, знізу чалавек і піламі доўгімі распілоўваць?" - абазначыў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Да непрыстойных значэнняў - у паўтара раза - абваліўся экспарт тавараў. А гэта значыць, краіна недаатрымала амаль $2 млрд (па статыстыцы - $1,9 млрд). Няма паляпшэнняў у сельскай гаспадарцы - мінус 2,7%. Па краіне ў сельскай гаспадарцы плюс два. Пяць працэнтаў разбежка. І гэта ж у адносінах да мінулага года, які таксама быў правальны. А мінулы год яшчэ да мінулага. І пайшло пад адхон. Вось вашы апладысменты самім сабе!" - пералічыў Аляксандр Лукашэнка яшчэ шэраг негатыўных фактаў у эканоміцы Віцебскай вобласці.
Ён падкрэсліў, што спад адбыўся па асноўных пазіцыях - мясу, малаку, колькасці жывёлы, забяспечанасці кормам.
"На жаль, на фоне такіх сумных вынікаў не бачна ні стараннасці, ні ініцыятывы. Не бачна і перамен да лепшага", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму прыняў рашэнне па назначэнні новага старшыні Віцебскага аблвыканкама. "Развітваючыся з губернатарам пасля нарады (у кастрычніку 2025 года ў Віцебску. - Заўвага), я думаў, што ён заўтра пабяжыць на адну ферму, на другую, на трэцюю. Хоць з людзьмі пагаворыць, азадачыць іх. Нікіціна следам пабяжыць разам з іншымі. А не пабеглі, - сказаў ён. - Яны паслухалі ў Віцебскай вобласці, што гаварыў Прэзідэнт. Мы праманіторылі: "Правільна гаварыў. Усё правільна" (такія водзывы былі ад удзельнікаў нарады. - Заўвага). Разышліся. А некаторыя, паводле аператыўнай інфармацыі (мы ж гэта таксама праманіторылі), гавораць: "Ну нічога, час пройдзе, усё ўляжацца". Спадары, не ўляжацца! Укладвацца няма дзе".
"Разумеючы, што як было, так і будзе ў Віцебскай вобласці, мне давялося замяніць губернатара", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра факты падзяжу жывёлы, Прэзідэнт адзначыў: "Чаму я кажу пра падзеж? Гэта ж маральная агіднасць, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэта цяжкае надвор'е, братоў сваіх меншых. Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, собачонку?!"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нават у былыя часы, не маючы сучасных магчымасцей, людзі змагаліся за жыццё жывёл, ратуючы іх ад маразоў. Аж да таго, што тых жа нованароджаных парасят свінарка часам несла дадому, каб адагрэць і выратаваць. "Яны разумелі, што гэта не толькі іх жыццё будучае - малако, мяса. Але яны разумелі, што гэта маральна непрымальна. А ў нас што адбываецца?" - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі няма кароў і цялят, то не будзе ні мяса, ні малака. "Вы павінны памятаць, што адбывалася ў 90-я гады. Таму нельга гэтага дапусціць", - сказаў ён.
Тым не менш, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, праблема падзяжу да гэтага часу не вырашана. І яна ўласціва не толькі Віцебскай вобласці.
"Трэба пачынаць з цялят. Мы зразумелі, што ніякія поліэтыленавыя домікі, асабліва ў гэтыя маразы - мінус 25-30 градусаў у Віцебскай вобласці, на вуліцы, засыпаныя снегам, абледзянелыя цялят не выратуюць. Гэта труна для цялят. Шкада, што гэта не зразумеў міністр сельскай гаспадаркі, які з'яўляецца заатэхнікам. Я яму кожны дзень пра гэта кажу", - сказаў Прэзідэнт.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь