19.03.2026 14:23

Перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка ў Палацы Незалежнасці правёў перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. 

Націсніце для прагляду малюнка 19.03.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

"Як быццам не было працяглага падарожжа ў вас. Усе бадзёрыя. Я вельмі рады, што ў вас настрой добры і выглядаеце вы бадзёра. Гэта, Джон, таму што вы, напэўна, да сяброў заляцелі спачатку, а не адразу ў Беларусь. Час прылятаць ужо адразу да нас", - сказаў у пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

"Так, гэта было б вельмі добра", - заўважыў у адказ Джон Коўл.

"Парадак дня ўвогуле (утойваць не будзем, загадзя мы яго агаворвалі) вызначаны. Таму я гатовы, як заўсёды, да абмеркавання любых пытанняў, адказваць на любыя праблемы. Але настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, мой пункт гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важны для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатовы адкрыта пагаварыць на гэту тэму".

Джон Коўл удакладніў, ці ідзе гаворка пра вайну з Іранам.

"Так, вельмі хацеў бы, каб мой пункт гледжання вы данеслі да Дональда Трампа. Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з'яўляюся прыхільнікам вашага Прэзідэнта", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт на перагаворах з дэлегацыяй ЗША таксама закрануў тэму так званых палітзняволеных, якая таксама з'яўляецца часткай парадку дня беларуска-амерыканскіх перагавораў.

"Куды ж мы дзенемся ад праблемы, якую Крыс (адзін з перагаворшчыкаў з амерыканскага боку - намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт. - Заўвага) вельмі кантралюе. Так званыя палітзняволеныя. Хоць я пастаянна схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітзняволеных у нас няма. Ёсць правапарушальнікі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэту праблему, у перапісках. Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнага меркавання. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцей. Думаю, што асаблівых тут праблем не будзе. Як і па іншых пытаннях нашага парадку дня", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца