13.08.2026 17:29

Сустрэча з перадавікамі ўборачнай кампаніі ў Мінскім раёне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня ў Мінскім раёне сустрэўся з перадавікамі жніва, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у час уборачнай кампаніі. 

Націсніце для прагляду малюнка 13.08.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Поле, на якім пабываў Кіраўнік дзяржавы, належыць агракамбінату "Ждановічы" Мінскага раёна. Аляксандр Лукашэнка дэталёва пацікавіўся станам спраў у кіраўніка прадпрыемства Рыгора Чуйко. Паводле яго слоў, зямель у гаспадарцы хапае, але "горад усё роўна падступае". У сувязі з гэтым Прэзідэнт зноў закрануў пытанне аб недапушчальнасці жылой забудовы на землях сельгаспрызначэння. "Трэба нам ушчыльняцца і ісці з будоўлямі ў пустыя месцы, пятачкі. Унутры Мінска - калі ласка, шмат месцаў, дзе будуем", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава шырока падтрымлівае аграпрамысловы комплекс, прадастаўляючы розныя льготы і аказваючы дапамогу з закупкай мінеральных угнаенняў, паліва, тэхнікі і іншых неабходных сродкаў. Разам з тым ён прапанаваў сур'ёзна падумаць над тым, калі сапраўды трэба выдзяляць сродкі з бюджэту, а калі ў гэтым няма неабходнасці. "Усё даціруем і даціруем з бюджэту. Нам трэба сур'ёзна падумаць у сельскай гаспадарцы, каб за кожны віск і піск парасяці мы грошы не плацілі. Гэта бізнес", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

На полі агракамбіната "Ждановічы" Прэзідэнту ўручылі падарунак - сімвалічны сноп з нагоды намалоту 2 млн т збожжа ў Мінскай вобласці. Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што спыняцца на гэтым ні ў якім разе не трэба.

"З прыцэлам на тры мільёны", - сказаў ён, прымаючы падарунак.

У ліку перадавікоў - Павел Шуціла, які працуе ў ААТ "Кухчыцы" Клецкага раёна. У пачатку жніўня ён першым у Беларусі намалаціў 4 тыс. т збожжа, а на сёння пераадолеў адзнаку 5 тыс. т. Высокі паказчык дасягнуты на айчынным камбайне вытворчасці "Гомсельмаша".

Камбайнер з Клецкага раёна рэгулярна дабіваецца высокіх вынікаў ва ўборцы ўраджаю на тэхніцы беларускай вытворчасці. У 2024 годзе Павел Шуціла намалаціў 3,2 тыс. т збожжа, а ў 2025-м увогуле пераадолеў адзнаку 8,4 тыс. т, стаўшы адным з галоўных герояў жніва.

Звяртаючыся да механізатара, Кіраўнік дзяржавы падзяліўся гісторыяй з вопыту работы кіраўніком у сельскай гаспадарцы. На прадпрыемстве працавалі каля 20 камбайнераў, іх сумарны намалот складаў каля 4 тыс. т збожжа ў год. У той жа час Павел Шуціла ў мінулым годзе намалаціў больш за 8 тыс. т у адзіночку. Але і тэхніка ў дзевяностыя гады была іншай па якасці і магутнасці.

Раней Кіраўнік дзяржавы ўжо адзначаў поспехі камбайнера. На другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка назваў Паўла Шуцілу героем. "Тут хлопец - герой - сядзіць. Восем з лішнім тысяч тон намалаціў!" - сказаў тады Прэзідэнт. Заслугам механізатара, які быў у ліку ўдзельнікаў УНС, апладзіравала ўся зала.

Высокіх паказчыкаў дасягнуў і Віталь Кішко, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы - на адвозе ўраджаю. За бягучую ўборачную кампанію ён перавёз ужо больш за 6,1 тыс. т збожжавых, зернебабовых і рапсу, пабіўшы свае ранейшыя рэкорды. У мінулым годзе Віталь Кішко перавёз больш за 4,6 тыс. т ураджаю, у 2024-м - больш за 4,2 тыс. т. 

Яшчэ адзін работнік ААТ "Кухчыцы" Андрэй Аляксейчык у мінулым годзе перавёз 7,7 тыс. т збожжа. У гэтым годзе ён удзельнічае ў жніве як адказны спецыяліст за арганізацыю ўборачнай.

Аграрыі не засталіся без заслужаных падарункаў ад Прэзідэнта. Ім уручылі ключы ад новенькіх аўтамабіляў Belgee. "Як гэта Прэзідэнт сустрэнецца з лепшымі людзьмі аграрнага сектара і не падзякуе ім за работу?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мужыкі, я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы робіце. Як гэта Прэзідэнт сустрэнецца з лепшымі людзьмі аграрнага сектара і не падзякуе ім за работу? - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы заслужылі гэта".  

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца