12 кастрычніка 2026 г.
01.10.2026 11:25
Сустрэча з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 верасня правёў сустрэчу з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх.
29.09.2026г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
"Што датычыцца нашых гандлёва-эканамічных адносін, вы добра ведаеце нашы магчымасці. Я заўсёды губернатарам Расіі гавару: глядзіце, калі мы нешта можам зрабіць у гэтай сітуацыі для вас, заўсёды зробім. Нягледзячы на тое, што там гавораць вакол нас. І асабліва тое, што пішуць, асабліва ў Расіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я вельмі ўважліва сачу за сродкамі масавай інфармацыі, паколькі вайна ў тым ліку сёння ідзе перш за ўсё ў СМІ. І шчыра вам скажу, што часам са здзіўленнем чытаю тое, што некаторыя там ці то блогеры, ці то яшчэ нехта папісваюць у дачыненні да Беларусі. Пра шматвектарнасць і гэтак далей. Ужо колькі разоў гаварыў аб гэтым, што шматвектарнасць ніяк не аддаляе нас ад Расійскай Федэрацыі".
"Так, мы праводзім шматвектарную палітыку, таму што эканоміка ў аснове", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, што калі, напрыклад, заходняе "крыло" супрацоўніцтва было адсечана па ініцыятыве самога Захаду, то Беларусь, рэалізуючы шматвектарную палітыку, звярнулася на поўдзень, паўднёвы захад, на ўсход, інтэнсіфікуе адносіны з дзяржавамі Афрыкі.
"Наш інтарэс і вектары там, дзе наша эканоміка. Тут не ідзе размова аб нашых глыбінных адносінах, перш за ўсё з вамі, Расійскай Федэрацыяй. Таму балбатня пра гэту шматвектарнасць і папрокі ў адрас Лукашэнкі абсалютна несумяшчальныя, - сказаў Прэзідэнт. - І потым, я ўжо 30 з лішнім гадоў працую Прэзідэнтам. Не для мяне ўжо мяняць нейкія вектары. Як некаторыя нават ужо дайшлі да таго, што "Лукашэнка - гэта не саюзнік". Ну, гэта справа густу. Пакуль мы (і, думаю, будзе так і далей) знаходзім агульную мову з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. І з Прэзідэнтам Расіі, і з кіраўнікамі вядучых партый. Ніякіх разыходжанняў у падыходах".
"Мы - патрыёты, мы гатовы абараняць сваю Айчыну. І вы павінны ведаць, што адыходу тут ніякага і тым больш здрады няма і быць не павінна. Чым заканчваецца здрада, вы бачыце ва Украіне. Мы не хочам паўтарыць гэты лёс", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь заўсёды імкнулася падтрымліваць добрыя адносіны са сваімі суседзямі, якіх, як вядома, не выбіраюць. "Ну, на Захадзе не хочуць з намі такіх адносін. Гасподзь з імі, гэта іх справа", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў любым дыялогу з замежнымі партнёрамі, у тым ліку амерыканцамі, пытанне аб адносінах і супрацоўніцтве Беларусі з Расіяй і Кітаем выносіцца за дужкі. "Гэта людзі, якія заўсёды працягвалі нам руку, дапамагалі, падтрымлівалі. Санкцыі супраць нас і Расіі ўвялі - усход для нас адкрыты. Мы будзем тым жа адказваць нашым братам расіянам, грамадзянам КНР і іншым на ўсходзе, - запэўніў Прэзідэнт. - Мы не гіганцкая эканоміка, каб мець нейкія геапалітычныя амбіцыі. Нам, як я часта гавару, і не шмат трэба для таго, каб нашы людзі нармальна жылі. Для таго, каб працавала эканоміка. Для нас галоўнае - гэта тэхналогіі. Трэба паглыбляцца".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі стараюцца развіваць увесь той вытворчы патэнцыял, які застаўся з часоў Савецкага Саюза. "Мы нічога не страцілі з савецкіх часоў, нічога не закрылі, не прыкрылі. Наадварот - развівалі. І паколькі мы, як гаварыў класік, стаялі на плячах гігантаў, гэта садзейнічала захаванню таго, што мы сёння маем. Гэта важна для любой дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт. - І тут для нас вельмі паказальны Кітай. Мы дружныя з Сі Цзіньпінам, часта з ім абмяркоўваем гэту тэму. І ён мне аб гэтым часта гаворыць, што нічога (у Кітаі. - Заўвага) не адмаўлялі: ні перыяд Маа Цзэдуна, ні Дэн Сяапіна, нікога. Яны бралі ўсё лепшае. Ну і паглядзіце вынік развіцця КНР. Гэта - вядучая эканоміка свету, вядучая краіна, з якой усе вымушаны лічыцца. Любіш, не любіш Кітай, як амерыканцы, а лічыцца даводзіцца".
Прэзідэнт на сустрэчы згадаў і пра агульныя гістарычныя старонкі паміж Беларуссю і Расіяй. І, у прыватнасці, пра савецкі перыяд, заснавальніка і першага кіраўніка СССР Уладзіміра Леніна (Ульянава), у гонар якога і атрымала назву Ульянаўская вобласць.
"Я ўсё ж такі як чалавек старой фармацыі (ведаю, і вы не вельмі адмаўляеце ўсё тое, што было ў нашай гісторыі) прыхільны да таго - гэта факт - кіраўніком нашай дзяржавы быў Уладзімір Ільіч Ульянаў. І пры ўсіх недахопах, памылках, а ў Беларусі ёсць, да чаго прад'явіць прэтэнзіі перыяду яго пачатку дзейнасці, тым не менш мы вельмі чула і ўважліва ставімся да гэтай асобы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму не трэба адмаўляць і адкідаць тое, што было. Трэба спрабаваць выкарыстоўваць і развіваць гэта. Вось у гэтай частцы мы ў сім-тым дасягнулі поспеху", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Больш таго, многія галіны ў Беларусі атрымалі дадатковае развіццё. "Сёння нават замахнуліся на супрацоўніцтва з вамі і ў сферы самалётабудавання. Для нас гэта вельмі важна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы нас больш падцягвайце да самалётабудавання. База ёсць, школа ёсць. Дапамагайце з тэхналагічным абсталяваннем, мы будзем добрымі вам памочнікамі".
Ён нагадаў, што рамонт у Беларусі самалётаў і бранятэхнікі ажыццяўляўся яшчэ з савецкіх часоў. "Але час ужо ад рамонту пераходзіць да вытворчасці. І мы многае робім, рыхтуем для вас вузлы, камплектуючыя. Гатовы мадэрнізаваць вытворчасць, паглыбляцца. Мы гатовы вырабляць з Расіяй - праект ёсць самалёта "Асвей". Мы будзем разам займацца вытворчасцю", - заявіў беларускі лідар.
Беларусь таксама яшчэ з савецкіх часоў вядома сваёй прадукцыяй у галіне мікраэлектронікі і оптыкі. "Мы гэта ўзнялі на сусветны ўзровень. І попыт вялікі сёння на гэту прадукцыю па ўсіх напрамках. Гэта сведчыць аб тым, што вопыт мінулага мы заўсёды выкарыстоўваем і будзем выкарыстоўваць, развіваючы новыя напрамкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін важны напрамак, у якім у Беларусі назапашаны добрыя кампетэнцыі, - гэта машынабудаванне, пачынаючы ад пасажырскай тэхнікі, заканчваючы самымі вялікімі кар'ернымі самазваламі ў свеце. Апошнім часам атрымаў развіццё сегмент тэхнікі на электрацязе. І ў гэтых пытаннях Беларусь падладжваецца пад запыты пакупнікоў. "Папрасілі расіяне зрабіць на газаматорным паліве - мы зрабілі гэты БЕЛАЗ. А пачыналася са звычайных механізмаў. І вось так пакрыху мы развіваемся па ўсіх напрамках", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка згадаў таксама аб нафтаперапрацоўчай галіне, прадукцыя якой карыстаецца ў Расіі попытам: "Мадэрнізавалі значна нашу нафтаперапрацоўку. Як аказалася, наша нафтанка сёння запатрабавана ў Расіі".
А да сумеснай з Расіяй вытворчасці ўгнаенняў Прэзідэнт прапануе падключыць у тым ліку ЗША. "З Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) дамовіліся, што "Газпрам" падключыцца ў нас да рэалізацыі праекта па будаўніцтве азотнага камбіната. Трэба амерыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаенні - азотныя ў тым ліку - калі ласка, давайце разам пабудуем. Па вашай тэхналогіі. Вы (ЗША. - Заўвага), "Газпрам" і Беларусь. У нас ужо пляцоўка падабрана, усе сеткі існуюць. Не - будзем з "Газпрамам", расіянамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра асабістыя якасці кіраўніка Ульянаўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Аляксея Рускіх як чалавека, прыхільнага да справядлівасці. "Нашы людзі ва Ульянаўскай вобласці - расіяне, беларусы вельмі добра да вас ставяцца. Гэта вельмі важна, - сказаў ён. - Я разумею сур'ёзнасць становішча, разумею тыя асаблівасці ў той ці іншай дзяржаве. Яны заўсёды ёсць і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Але ведаю, перакананы, што ў нас погляды на асноўныя рэчы, вехі развіцця нашай дзяржавы, нашай Айчыны, Расіі, Беларусі - яны не вельмі адрозніваюцца".
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў асобе Аляксея Рускіх у Беларусь прыехаў сапраўдны сябар, які ўважліва назірае за яе развіццём і вельмі добра ставіцца да беларусаў. "Нядаўна мне аб гэтым гаварыў Генадзь Андрэевіч Зюганаў (кіраўнік КПРФ. - Заўвага). Упэўнены, што гэта не чужы таксама для вас чалавек, паколькі разам працавалі ў свой час. Вельмі моцны, талковы, дасведчаны кіраўнік", - адзначыў беларускі лідар.
"Таму вы прыехалі да нас як сябар да сваіх людзей. Гэта не чужая для вас зямля. І калі мы нешта можам для вас зрабіць, вы паглядзіце і скажыце, - мы гэта з задавальненнем зробім", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
У першую чаргу кіраўнік расійскага рэгіёна падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы. Ён таксама пацвердзіў, што апошнім часам значна актывізавалася супрацоўніцтва ў сферы самалётабудавання, у прыватнасці паміж прадпрыемствам "Авіястар" і беларускімі 558 Авіяцыйным рамонтным заводам і Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі № 407. "З году ў год вырабляем усё больш самалётаў, і вашы прадпрыемствы, 558-ы, 407-ы ў гэтым ключы вельмі дапамагаюць, - адзначыў Аляксей Рускіх. - Вельмі зацікаўлены, каб гэта ўзаемадзеянне нарошчвалася з году ў год".
Акрамя авіябудавання, супрацоўніцтва нарошчваецца ў аўтамабільнай прамысловасці, мікраэлектроніцы.
"Тая работа, якую мы пачалі некалькі гадоў таму (па развіцці прамысловай кааперацыі. - Заўвага), цяпер пачала даваць адчувальныя вынікі: 69 прадпрыемстваў Ульянаўскай вобласці і Беларусі ўжо цесна супрацоўнічаюць, ідуць узаемныя пастаўкі".
Напрыклад, значна ўзмоцнена ўзаемадзеянне з беларускімі "Інтэгралам" і "Гарызонтам". "Яны істотна дапамагаюць нашым радыёэлектронным прадпрыемствам. Цяпер наш час па пастаўцы камплектуючых, чыпаў, электронных элементаў. Такая кааперацыя стала магчымай дзякуючы нашым узаемаадносінам і місіям. Мы з году ў год прадаўжаем гэту практыку выкарыстоўваць. Яна сапраўды дае вельмі добрыя вынікі", - падкрэсліў Аляксей Рускіх.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь