02.10.2026 16:25

Сустрэча з кіраўнікамі дэлегацый - удзельніц пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка сустрэўся з кіраўнікамі дэлегацый - удзельніц пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета. 

Націсніце для прагляду малюнка 02.10.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на істотныя змяненні, якія адбываюцца цяпер у свеце. На гэту ж тэму, нагадаў ён, выказваўся напярэдадні і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваёй прамове на пленарнай сесіі штогадовага пасяджэння Міжнароднага дыскусійнага клуба "Валдай". "Прэзідэнт Расіі ўчора абсалютна меў рацыю, што мы на такім зломе знаходзімся. Нават мы самі сёння не разумеем, дзе знаходзімся і наколькі сур'ёзны гэты злом у гісторыі развіцця сусветнай цывілізацыі, - сказаў беларускі лідар. - Свет цяпер вельмі сур'ёзна мяняецца. Вельмі сур'ёзна. І тое, што мы сёння запланавалі, заўтра ўжо можа быць немагчыма. Па прычыне зменлівых умоў у нашым гэтым шалёным свеце. Ідзе жорсткая канкурэнцыя".

Прэзідэнт адзначыў асаблівае значэнне эканомікі для развіцця любой дзяржавы ў сучасных умовах і ў сувязі з гэтым - важную ролю кіраўнікоў урадаў - людзей, якія якраз займаюцца самай важнай і цяжкай тэматыкай - эканомікай.

"Галоўнае ў жыцці - эканоміка. Як там ні было б, людзі ўсё роўна перш за ўсё (не толькі ў нас - у Амерыцы крыху бензін падаражэў - рэвалюцыя, гвалт і іншае) глядзяць на жыццё з пункту гледжання эканомікі. Вы галоўныя людзі ў сваіх краінах у эканамічных адносінах, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнікоў урадаў. - Дай бог, каб усё атрымалася, што вы намецілі".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт таксама згадаў пра сустрэчу са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным, якая адбылася да пачатку мерапрыемства. Расійскі Прэм'ер-міністр расказаў Кіраўніку беларускай дзяржавы ў тым ліку аб планах Расіі на бліжэйшыя тры гады ў эканамічных адносінах з акцэнтам на фінансах. "Гэта выдатныя планы, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Калі атрымаецца ў Расіі, нам горш не будзе - не толькі ў Беларусі, але і ўсім нам на постсавецкай прасторы. Дай бог, Міхаіл Уладзіміравіч, каб атрымалася рэалізацыя гэтага плана".

Прэзідэнт пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да  інтэграцыі перш за ўсё на постсавецкай прасторы. "Хачу вас запэўніць (і мяне вы ні ў чым не зможаце папракнуць): мы ўзялі свой курс даўным-даўно. Мы заўсёды рухаліся ў адным напрамку, не мянялі сваю палітыку - мы прыхільныя да інтэграцыі перш за ўсё постсавецкай прасторы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за працяглы перыяд кіраўніцтва краінай пераканаўся ў наяўнасці жорсткай канкурэнцыі ў свеце, дзе кожны імкнецца абараніць свае рынкі.

Пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, у сучасным свеце актыўна выкарыстоўваюцца і метады планавай эканомікі, што крытыкавалася Захадам у часы існавання Савецкага Саюза і асабліва пасля яго распаду. "Нас вучылі, што ўсё адрэгулюе рынак. Нічога падобнага. Элементы планавай эканомікі ляжаць у аснове ўсіх працэсаў", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што планаванне на дзяржаўным узроўні існуе ў многіх краінах з рыначнай эканомікай. Напрыклад, у Японіі, ЗША.

Беларусь у сваім развіцці таксама выкарыстоўвае планаванне, такім чынам захоўваючы станоўчы вопыт і спадчыну савецкіх часоў. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, правільны і эфектыўны падыход - калі дзяржава не адмаўляе сваё мінулае і бачыць перспектывы будучыні, што дае магчымасць дасягаць істотных вынікаў.

Адзін з найбольш яркіх прыкладаў дзяржавы, якая дабілася выдатных поспехаў дзякуючы такой стратэгіі, - Кітай. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў ходзе адной з сустрэч са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам задаваўся пытаннем, за кошт чаго Кітай зрабіў такі рывок і стаў практычна сусветным лідарам у эканоміцы. На гэта кітайскі лідар заўважыў, што яны нічога не адкідвалі са свайго мінулага вопыту і гісторыі.

Аналагічна робіць і Беларусь. "Мы гэтым шляхам ішлі - з савецкіх часоў нічога не загубілі, не адкідвалі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ішлі шляхам прыватызацыі вельмі акуратна, асцярожна. Там, дзе дзяржава не можа або робіць горш, чым прыватнік, мы сыходзілі адтуль - прадавалі, прыватызавалі прадпрыемствы. Але не спяшаліся гэта рабіць. Таму ў нас дзяржаўны сектар вельмі сур'ёзны".

"Мы нічога не развальвалі, не паказвалі, што мы разумнейшыя за тое, што было створана ў тыя часы, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы ўсё гэта захавалі". На аснове былых навуковых, вытворчых школ Беларусь удасканальвала розныя напрамкі, ствараючы новы, часам унікальны прадукт. Самыя перадавыя дасягненні былі прадстаўлены на выстаўцы "ІНАПРАМ. Беларусь", арганізаванай гэтымі днямі ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў айчынныя распрацоўкі ў галінах машынабудавання, станкабудавання, сельскай гаспадаркі. Асобны акцэнт быў зроблены на тым, што беларусы заўсёды прытрымліваюцца выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў па прынцыпе "сказалі - зрабілі". Дасягаецца гэта ў тым ліку за кошт захавання кіруемасці эканомікай з боку дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.

У працяг тэмы ён адзначыў, што не толькі грамадзянскія сектары, але і абаронная прамысловасць каранямі ідзе ў савецкі перыяд, а часам і ў больш ранні. Цяпер Беларусь у значнай ступені абапіраецца на магчымасці Расіі ў гэтай сферы "Мы грунтуемся на вытворчасці ўзбраенняў Расіі. Купляем толькі расійскае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ўжо многае робім самі. Асабліва з вопыту канфлікту Расіі з Украінай. Мы бачым, што там адбываецца, робім адпаведныя высновы".

Гаворачы пра супрацоўніцтва з краінамі ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь у меру сваіх сіл заўсёды гатова дапамагчы і зрабіць усё неабходнае для партнёраў. "Калі мы нешта можам (мы, вядома, не глабальныя краіны, як Расія або Казахстан, але мы нешта можам), мы абавязкова павінны дапамагчы. Як ні было б нам сёння складана, мы стараемся заўсёды дапамагчы. На нас вы можаце заўсёды разлічваць", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы ніколі не здрадзім нашым агульным інтарэсам і проста так мы заявы не робім. Як складана ні было б, мы будзем вырашаць нашы агульныя праблемы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза захоўваць прыхільнасць да агульнага рынку, значную частку якога складае расійскі рынак.

"Галоўнае, аб чым я вас хачу папрасіць сёння, - гэта расійскі рынак і вашы дзяржавы. Гэта - аснова. На 80% мы ў вас (з постсавецкімі краінамі. - Заўвага) гандлюем. Таму я вас прашу, не спяшайцеся ад гэтага адыходзіць. Паверце мне, нідзе нас не чакаюць", - адзначыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы згадаў пра Арменію, дзе абвясцілі курс на еўраінтэграцыю: "Калі ты вырашыў у Еўрапейскі саюз, ну куды ты спяшаешся? Ты дакладна вызначыў, куды твой каньяк забяруць, куды тваю агародніну, садавіну забяруць. У якім аб'ёме. Ці зможаш ты замясціць тое, што прадаеш сёння ў нас. Калі ты пераканаўся ў тым, што ў цябе Францыя купіць твой каньяк (свой няма куды дзяваць, але ў цябе купіць), добра - ідзі. Чаго ты бяжыш? Чаго ты ставіш воз наперадзе каня?"

"Не трэба спяшацца выкідваць тое, што табе сёння дае карысць. Не трэба сыходзіць з гэтага агульнага рынку", - падагульніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, як у адной з размоў з Прэзідэнтам Расіі Пуціным згадвалася сітуацыя са складанай зімой ва Узбекістане, калі гэтай краіне патрэбны былі дадатковыя аб'ёмы прыроднага газу. І рашэнне было знойдзена пры дапамозе Расіі і Казахстана.

"Узбекі да каго звярнуліся - да Расіі. І знайшлі вырашэнне пытання. Праз Казахстан. І Казахстану выпадаючыя магутнасці паставілі, і Узбекістану. Дзе на Захадзе да нас могуць так паставіцца? Нідзе. Таму не губляйце тое, што ёсць, - прывёў канкрэтны прыклад Кіраўнік дзяржавы. - Як чалавек, які нямала прапрацаваў, раю вам: ваша справа, якога курсу прытрымлівацца, але тое, што сёння дае рэзультат, не выкідвайце. А рэзультат - гэта наш агульны рынак. Знойдзеце недзе шчасце на баку (калі знойдзеце, пераканайцеся), ну тады прымайце ўжо рашэнне. Але пакуль такога шчасця ў нас нідзе на баку няма".

Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на тым, як супрацоўніцтва і інтэграцыя дазволілі Беларусі і Расіі паспяхова выстаяць перад тварам драконаўскіх санкцый, развіваючы кааперацыю: "Усё, што вы бачылі (на выстаўцы "ІНАПРАМ. Беларусь". - Заўвага), гэта не толькі таму, што мы не адкінулі з савецкіх часоў нешта. Там палова ў гэтых прадуктах - трактарах і іншым - расійскае. З улікам металу, асобных вузлоў, агрэгатаў, што мы ў Расіі купляем і ў вашых краінах. Тэхналогіямі валодаем, а рэсурсы ў вас. У нас столькі няма, каб вырабіць гэта. Вось, што такое інтэграцыя. І, увёўшы санкцыі, Захад праслязіўся. Неяк вытрымалі. Нават у гэтых умовах вайны".

Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў сустрэчы падумаць над гэтым філасофскім пытаннем: "Падумайце над тым, што я сказаў. Не выкідвайце тое, што сёння прыносіць вам карысць. А з цягам часу нешта вырашыцца, нешта адбудзецца з прычыны глабальных тэктанічных зрухаў, якія адбываюцца на міжнароднай арэне".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь яшчэ з савецкіх часоў захавала і развіла многія галіны. "Мы многае ўмеем. І ўсё гэта з савецкіх часоў. У нас не самая магутная эканоміка, але тэхналогіі, якімі мы валодаем, большай частцы краін у свеце сёння патрэбны. І мы гэтыя тэхналогіі прапануем. І не толькі тэхналогіі, але і абучаем людзей", - сказаў беларускі лідар.

"Мы не адсякалі карані з тых часоў, калі закладваліся асновы нашай эканомікі. Таму сёе-тое ў нас атрымалася і ў машынабудаванні, і ў будаўніцтве ніякіх праблем няма - мы вырабляем усё неабходнае: ад цэменту і цэглы да найноўшых тэхналогій. І сельская гаспадарка. У гэтым годзе мы плануем, што прададзім сельгаспрадукцыю на $10 млрд. Для Беларусі гэта добрыя аб'ёмы", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь перш за ўсё прыхільная да постсавецкага рынку. Разам з тым у беларускага лідара склаліся добрыя адносіны з мусульманскім светам, з асноўнымі дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі. "Як ні было б складана, мы пакрыху спрабуем туды прабівацца. У нас жа не гіганцкая эканоміка, як, дапусцім, у Расійскай Федэрацыі. Як я гавару, нам шмат і не трэба", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб маштабных трансфармацыях у свеце і жорсткай канкурэнцыі, Аляксандр Лукашэнка згадаў ЗША і Прэзідэнта Дональда Трампа. "Нягледзячы на тую мітусню, якая часта з боку Трампа (раніцай - адно, вечарам - іншае), я яму ўдзячны за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду, і перш за ўсё ЗША. Вось як ёсць. Венесуэла - гэта нафта. Куба - гэта наша (гаворка пра ЗША. - Заўвага) бяспека, тут ні Расіі, ні Кітаю, нікому тут справы не павінна быць, гэта - наша. Грэнландыя - яна патрэбна вось таму. Ён не хаваецца за нейкімі дыпламатычнымі фармулёўкамі. А вы ўбачылі рэальнае аблічча заходняй палітыкі, заходняй дыпламатыі, і перш за ўсё ЗША. Зыходзячы з гэтага вы, бачачы іх палітыку, рабіце для сябе высновы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што называў сябе трампістам, падтрымліваючы кандыдатуру Дональда Трампа на апошніх выбарах у ЗША. Але пры гэтым і заўсёды адкрыта, у тым ліку ведучы перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй, крытыкуе тыя ці іншыя дзеянні цяперашняга Прэзідэнта ЗША, заяўляе аб сваёй пазіцыі.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся на прадмет канфлікту ва Украіне: "Два словы, каб вы разумелі маю пазіцыю па вайне ва Украіне. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) часта абмяркоўваем гэту тэму. Падыходы ў нас больш вывераныя, таму што і ён, і я ведаем, што адбываецца на лініі баявога сутыкнення. У рэшце рэшт, мы ж "суагрэсары" з ім. У нас адно пытанне (часам жартам абмяркоўваем): хто большы "агрэсар" - я ці ён".

"Вядома, у мяне ёсць нейкія адметнасці пры ацэнцы канфлікту ва Украіне. Я Прэзідэнту Пуціну адкрыта аб гэтым сказаў: у мяне ёсць сваё разуменне асобных аспектаў канфлікту ва Украіне, але мы заўсёды будзем прыхільныя да нашага агульнага курсу. Калі вы, кіраўніцтва Расіі, прымеце рашэнне, мы заўсёды будзем з вамі, нягледзячы на нашы адметнасці разумення таго, што там адбываецца. Мы ніколі не былі здраднікамі", - заявіў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што яшчэ ў першыя дні канфлікту ва Украіне адкрыта заявіў аб тым, што Беларусь ніколі не дазволіць страляць у спіну Расіі. "Мы прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі. Чаго б мне ні каштавала гэта заява (на Захадзе цяпер пачнуць гэта ўсё перамываць), мы будзем з нашым брацкім народам, будуючы нашу адзіную эканамічную, палітычную і іншую прастору. Я гэта ацэньваю як нашу агульную айчыну, ад Брэста да Уладзівастока", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Захочаце вы (краіны ЕАЭС. - Заўвага) далучыцца да гэтага - калі ласка. Калі ў вас якія-небудзь іншыя мэты і напрамкі супрацоўніцтва, гэта ваша права - вы суверэнныя і незалежныя дзяржавы, - дадаў беларускі лідар. - Але мы з Расіяй вызначылі ад Брэста да Уладзівастока адзіную айчыну, дзе існуе дзве дзяржавы. Так склалася. Недзе добра, недзе дрэнна, але мы спрабуем не страціць тое, што нам дасталася ад былых пакаленняў".

На заканчэнне Прэзідэнт запэўніў кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнага саюза, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці Мінск абавязкова выканае.

"Мы вашы сябры, і вы можаце на нас разлічваць. Нават у самыя складаныя часы, нават тады, калі нам, можа, не вельмі выгадна. Але вы ведаеце, што тут вашы людзі, вашы сябры, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў сустрэчы. - І вы прыехалі на сваю зямлю. Не толькі расіяне, рускія людзі, але і ўсе вы для нас не чужыя".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у Беларусі памятаюць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны рэспубліку абаранялі жыхары тых дзяржаў, якія сёння ўваходзяць у склад Еўразійскага эканамічнага саюза. Імёны герояў увекавечаны ў назвах плошчаў і вуліц беларускіх гарадоў. "Мы сабе ніколі не дазволілі знесці нечы помнік ці перайменаваць вуліцу. Адзіная ў свеце краіна, якая гэтага не рабіла ніколі. Плошча і помнік Леніна як былі, так і ёсць, і Дзяржынскага, і (парк. - Заўвага) Уга Чавеса. Гэта быў наш чалавек. На жаль, так склалася, што яго сёння няма", - канстатаваў ён. 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца