20.09.2022 12:43

Даклад Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 верасня прыняў з дакладам Старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага. У цэнтры ўвагі былі пытанні функцыянавання мытных органаў - ад выканання задачы па напаўненні бюджэту да супрацьдзеяння санкцыйнаму ціску Захаду.

"З Вашага пункту гледжання, якая сітуацыя на мяжы? Натуральна, пад вуглом эканомікі перш за ўсё. Як вы выконваеце асноўныя свае абавязкі па фарміраванні дзяржаўнага бюджэту ў той сферы, за якую вы адказныя?" - абазначыў ключавыя пытанні Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

Прэзідэнт нагадаў, што некаторы час таму адбылося пераразмеркаванне функцый і паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі пагранічным і мытным камітэтамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы: "Што адбываецца ў сувязі з гэтым? Ці ёсць нейкія насцярожанасці? Можа, мы недзе памыліліся?"

"Я хацеў бы, каб Вы далі ацэнку нашым дзеянням і (далажылі. - Заўвага.) як вы дзейнічаеце па напрамку супрацьдзеяння санкцыйным мерам з боку Захаду, - прадоўжыў беларускі лідэр. - Захад увёў супраць нас санкцыі. Мы адказалі. На вас ускладзена самая асноўная функцыя на пярэднім рубяжы, у эканоміцы - па кантролі за выкананнем мерапрыемстваў антысанкцыйнага характару, гэта значыць нашы меры ў адказ. Як яны сёння ў нас выглядаюць? Што адбываецца ў сувязі з гэтым?"

Паводле інфармацыі ДМК, за 2022 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла Br5,8 млрд. мытных плацяжоў. Праз мытную граніцу ЕАЭС у Беларусь праехала больш за 951 тыс. грузавых аўтатранспартных сродкаў, аб'ём перамешчаных тавараў склаў 12 млн.т. Больш як у тры разы павялічылася колькасць перамешчанага легкавога транспарту - з 321 тыс. адзінак да 1,2 млн. адзінак. Сёлета плануецца завяршыць рэканструкцыю 7 аўтадарожных пунктаў пропуску: "Брэст", "Макраны", "Беняконі", "Катлоўка", "Відзы", "Грыгараўшчына" і "Новая Рудня".

З пачатку 2022 года ў бюджэт ад праваахоўнай дзейнасці мытных органаў паступіла больш як Br38 млн, што на 38 працэнтаў вышэй за паказчыкі за аналагічны перыяд мінулага года. Перарвана 266 фактаў незаконнага перамяшчэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, узбуджана 127 крымінальных спраў, канфіскавана каля 500 кг наркатычных сродкаў, псіхатропных і моцнадзейных рэчываў. Выяўлена 60 фактаў незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, узбуджана 6 крымінальных спраў, затрымана 267 адзінак зброі і боепрыпасаў.

Што датычыцца мер, што прымаюцца мытнымі органамі для процідзеяння санкцыйнаму ціску, то ў ДМК нагадалі аб устаноўленай у Беларусі забароне на перамяшчэнне па яе тэрыторыі грузавых аўтамабіляў краін Еўрасаюза (гэтая мера прынята ў адказ на ўведзеныя з боку ЕС санкцыі ў дачыненні да беларускіх і расійскіх транспартных кампаній). . Для перамяшчэння тавараў у недружалюбныя краіны або з іх магчыма перачэпка або перагрузка грузаў у 18 спецыяльна ўстаноўленых месцах, дзе могуць адначасова знаходзіцца амаль 2,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Штосутачна праходзіць каля 1 тыс. перачэпак і 400 перагрузак.

  • Падзяліцца