27.12.2022 16:08

Наведванне Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу

Прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 27 снежня правялі сустрэчу ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. 

Як адзначыў расійскі лідар, на парадку дня - двухбаковыя адносіны і іншыя сур'ёзныя пытанні. Уладзімір Пуцін заявіў, што магчымасць пагаварыць з беларускім калегам была ў яго і вечарам 26 снежня на нефармальным саміце СНД, і раніцай 27 снежня. "У такой нефармальнай абстаноўцы прадоўжым нашу размову ў цудоўных інтэр'ерах (у Рускім музеі. - Заўвага), - сказаў ён. - Мы дамовіліся, што 2023 год будзем адзначаць як Год рускай мовы. Таму сустрэцца на рабочае снеданне ў Рускім музеі будзе вельмі дарэчы. Добрая абстаноўка, каб пагаварыць і па сур'ёзных справах, у тым ліку маючы на ўвазе нашы двухбаковыя адносіны. Хоць мы ў пастаянным кантакце, тым не менш жыццё кожны дзень дае нам нагоду абмяркоўваць некаторыя пытанні і прыняць патрэбныя рашэнні для таго, каб яны вырашаліся больш эфектыўна".

Урады абедзвюх краін працуюць даволі напружана, іх кіраўнікі дакладваюць прэзідэнтам аб ходзе перагавораў па розных пытаннях, звярнуў увагу Кіраўнік расійскай дзяржавы. "Нам ёсць аб чым пагаварыць. Я вельмі рады таму, што на палях нефармальнай сустрэчы можна ўдвух яшчэ раз сустрэцца і паабмяркоўваць тое, што ўяўляе ўзаемны інтарэс", - дадаў расійскі лідар.

"Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч, і за Маскву, за касманаўтаў, за цэнтр (размова пра наведванне 24 снежня Кіраўніком беларускай дзяржавы цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў у падмаскоўным Зорным гарадку, дзе праходзяць адбор шэсць беларускіх прэтэндэнтаў на палёт у космас. - Заўвага). Пабываў я там, паглядзеў. І за Піцер. Мы сёе-тое паглядзелі. Ну і калі нехта, правільна Вы сказалі, думае, што мы толькі чай п'ём, то павінен сказаць, што мы ўчора з Вамі не толькі за гэтым чаяпіццем, але і позна ўвечары, вяртаючыся дадому, абмеркавалі вельмі многія пытанні. І часам у некаторых дзяржаў на гэта ідуць гады - мы з Вамі за вечар многія кропкі расставілі над "i", прадаўжаючы наш мінскі дыялог, паколькі ён быў у асноўным па эканоміцы. Я Вам дзякую за тое, што ўчора былі канчаткова ўзгоднены многія пытанні. Урады дапрацуюць іх. Ужо ў іх да нас не можа быць пытанняў. Мы ўжо ўсё вырашылі, што яны прасілі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў калегу за культурную праграму: "Дзякуй за музей. Вы вельмі правільна сказалі. Год рускай мовы - гэта дарэчы (2023-і ў краінах Садружнасці аб'яўлены Годам рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін. - Заўвага), падкрэсліць значнасць. Ну і за Піцер дзякуй. За тое, што ўчора паказалі. На мяне ён зрабіў надзвычайнае ўражанне. Мне проста крыўдна за чысціню стала. Прыеду ў Мінск, буду глядзець, каб мы падцягнуліся. Нават не адчуваецца, што тут зіма. Настолькі вычышчаны, выдраены горад, даведзены да розуму. Я захапляюся ўжо некалькі гадоў тым, што зроблена ў Санкт-Пецярбургу. Без Вашай дапамогі, вядома, тут цяжка было б. Але ўсё ж такі малайцы і мясцовыя. Таму ёсць чаму павучыцца".

Напярэдадні лідары краін СНД сустрэліся ў ходзе нефармальнага саміту. Спачатку ў афіцыйнай абстаноўцы, а затым кіраўнікі дзяржаў разам адправіліся да месца правядзення нефармальнага абеду ад імя Уладзіміра Пуціна ў гонар лідараў краін Садружнасці. У цэлым размова доўжылася больш за сем гадзін.

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД прадоўжылася 27 снежня ў Рускім музеі. У праграме нефармальнае снеданне і экскурсія па музеі. 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 

  • Падзяліцца